СУЭ́ЦКІ КАНА́Л,

штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Егіпта праз Суэцкі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Міжземнае і Чырвонае моры. Умоўная геагр. мяжа паміж Азіяй і Афрыкай. Уключае азёры Тымсах, Вял. Горкае і ўласна канал (Суэц—Ісмаілія—Порт-Саід). Даўж. 161 км, шыр. 120—318 м, мінім. — 60 м, глыб. 16,2 м, на фарватэры да 18 м. Без шлюзаў. С.к. злучаны з сеткай водных шляхоў Ніжняга Егіпта (канал Ісмаілія—Каір—Ніл, 145 км), мае арашальнае адгалінаванне (Абасія, 38 км). Штогадовы аб’ём перавозак па С.к. больш за 80 млн. т. Магчыма плаванне танкераў і нафтабалкераў да 200 тыс. т дэдвейт з асадкай 2,5—3 м. Гал. ўваходныя парты: Порт-Саід з Міжземнага і Суэц з Чырвонага мораў.

Каля 2-га тыс. да н.э. быў пракапаны канал, які злучаў Ніл з Чырвоным морам і часткова праходзіў па ложы сучаснага С.к.: ён праіснаваў да 8 ст. н.э. У 1850-я г. створана Усеагульная кампанія С.к., гал. пайшчыкамі якой былі ўрады Францыі, Егіпта і Банк Ватыкана. У 1859 пачалося будаўніцтва С.к. на чале з франц. інжынерам Ф.​Лесепсам; 17.11.1869 адбылося яго адкрыццё. Цяжкае фін. становішча Егіпта ў 1875 прымусіла яго хедзіва (правіцеля) Ісмаіла прадаць сваю долю кампаніі С.к. Вялікабрытаніі, якая ўзяла зону канала пад свой поўны кантроль. Пасля перамогі рэвалюцыі «Свабодных афіцэраў» новы ўрад Егіпта дамогся эвакуацыі брыт. войск з зоны С.к., а 26.7.1956 нацыяналізаваў яго. Спробы Вялікабрытаніі і Францыі аднавіць свой кантроль над С.к. выліліся ў Суэцкі крызіс 1956. У выніку араба-ізраільскіх войнаў 1967 і 1973 С.к. быў значна разбураны, суднаходства па ім адноўлена ў 1975.

Літ.:

Щенников Б. Суэцкий канал от фараонов до наших дней // Азия и Африка сегодня. 1999. № 11.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)